KFC запусціў новую серыю страў «па-беларуску»
Як сцвярджае партал Telegraf.news, трэцяга сакавіка сетка хуткага харчавання KFC анансавала новую серыю страў, натхнёную беларускім каларытам. Навінкі павінны нагадваць пра сямейныя вячэры і дадаваць адмысловага драйву.
Фота: тэлеграм-канал KFC Belarus
Пра запуск лінейкі кампанія паведаміла ў сацсетках. Брэнд размясціў крэатыўны відэаролік, створаны на беларускай мове. Паводле задумкі аўтараў, новыя пазіцыі ў меню дапамогуць аднавіць атмасферу сямейнай вячэры.
Галоўнымі навінкамі, якія адрозніваюць гэту лінейку ад стандартнага асартыменту, сталі дранікі са смятанна-грыбным соусам і напой са смакам журавін. Асаблівую ўвагу надалі і знешняму выгляду: стравы падаюцца ў стылізаванай упакоўцы з нацыянальным арнаментам і пажаданнем «Смачна есці».